Зараслава Камінская: Гульня слоў

Гульня слоў

26 кастрычніка, 3:37 раніцы

 Па яго прыйшлі а палове чацвёртай. Максім ведаў: хапун пачынаецца ў гэты час.

І быў бы расчараваны, каб яго не забралі вось так, традыцыйна, сярод ночы: то б значыла, што там, на тым баку, ставяцца да справы несур’ёзна і нічога ў іх не атрымаецца. А зараз усміхнуўся, пабачыўшы пад вокнамі чорны “варанок”: усё як трэба! Гульня пачынаецца!

“Так, не ўсміхайся мне тут, ― угаворваў ён сябе, ― усё сапсуеш,  патрэбны іншыя пачуцці. Ты ―  перапалоханы, табе жудасна, бо за вакном ты толькі што пачуў шолах шын і разам з гэтым адчуў, як слабеюць ногі. Гэта самы моцны, жывёльны жах. Бегчы ты не можаш: суседзі не схаваюць. Ты адзін на адзін з той халоднай чарнатой, што за вокнамі, з чорным-чорным Мінскам. Загнаная жывёла”.

Але ўсё роўна ўсмешку стрымаць было складана, калі ў дзверы пагрукалі:

― Товарищ, откройте, это НКВД.

Праз паўгадзіны

 Даехалі. Два чалавекі ў цывільным моўчкі адчынілі дзверы, ён выйшаў, прагна ўцягнуў начное паветра і склаў за спіной рукі ―  аб гэтым не прасілі, але здаецца, менавіта гэтага руху вымагалі абставіны.

“Таварышы з НКВД” павялі яго да двухпавярховага старога будынка, там ― лесвіца ў сутарэнне, калідор-калідор-калідор, цьмяныя лямпачкі, калідор, нейкі пакой і ― моцнае электрычнае святло: балюча глазам.

― Максім, нарэшце, ну, як табе пачатак?

Зноў з’явілася непатрэбная ўсмешка:

― Марк, усё файна. Раніца, машына гэта, “Товарищ, откройте, это НКВД”! О, тут партрэт Сталіна на сцяне ― атмасферненька.

―  Кабінет следчага. Яшчэ дэталі дапрацоўваю. Не ведаю, тут цябе па правілах трэба абшукваць, ці… Усё роўна іншага памяшкання пакуль няма, таму дазволь, я крыху паляпаю па тваіх кішэнях.

― Вы і так занадта цырымонны, таварыш следчы.

― Без жартачак, таварыш падазраваемы ў контррэвалюцыйнай дзейнасці. Так, гэта я мацаць не буду, але што гэта ў цябе ў задняй кішэні джынсаў?

― Блін, айфон! Збіраўся дома пакінуць, але па звычцы…

― Прабач, забяру. Зусім не таго часу дэталь, ды і нельга. Яго, гадзіннік і ключы. Дарэчы, як ты ў каханай сваёй на выходныя выпрасіўся?

― Насця ў мяне цудоўная, у яе выпрошвацца не трэба. Мая палова, будучая маці маіх дзяцей, усё такое.

― Ну як, гатовы?

― Заўжды гатовы. Пачынай свой квэст.

Месяц таму

Максім сустрэўся з Маркам выпадкова, у кавярні.

Праз два old fashioned яны ўзгадалі old times – гадоў шэсць-сем таму былі ў адной камандзе і ганялі па Мінску ў гарадскія квэсты:

― Марк, а я памятаю, як ты таму, з іншай, каманды, нос зламаў!

― Калі б не зламаў, яны б перамаглі, а так кубак наш.

― Але ж цябе выключылі! І гэта ж гульня, і што там: лялечны кубак.

― Ну мяне выключылі, але каманда перамагла. І я ніколі не стаўлюся да гульні як да нечага штучнага: гэта ― іншая рэальнасць, і ты павінен жыць яе правіламі. Па-іншаму ― нецікава. А галоўным правілам тады было: твая каманда павінна перамагчы. І мая каманда перамагла.

Пасля гэтага выпадку Марк стаў капітанам, а Максім усе гады гульні заставаўся ціхім “мозгам”, чый абавязак ― шукаць падчас квэсту адказы на пытанні.

― Ты кажаш “гульня”. А зараз ведаеш, які мой бізнэс? Некалькі квэст-румаў па Мінску. Так што зараз я ствараю  рэальнасці і распрацоўваю правілы. А слухай: зараз я распрацоўваю сцэнар новага квэсту. 37-мы год, рэпрэсіі, дапаможаш? Паўтарыце old fashioned, калі ласка!

І яны дамовіліся: Максім стане першым наведвальнікам новага квэст-руму, складзе водгук і дапаможа дапрацаваць сцэнар, калі спатрэбіцца.

― Тэст пачнем зараз: у цябе планшэт? Рэгіструйся на сайце, і табе прыйдзе электроннае паведамленне, калі рыхтавацца ― хутчэй за ўсё ў пятніцу ці на выходныя. Так, гартай-гартай, вось тут унізе цісні “Я згодны з правіламі”. І подпіс на паперы:  такая стандартная бюракратычная  працэдура перад квэстамі, што ты адэкватны і ўсё такое. Табе на скрыню павінна было прыйсці пацверджанне аб рэгістрацыі. Не прыйшло? Вось, першы баг знайшоў. Ужо дапамог, тэсціроўчшык, а гэта толькі пачатак!

Зноў 28 кастрычніка, 4:30 раніцы

Максіма правялі ў камеру ― маленькі пакой, акенца пад столлю, у куце ― дзірка прыбіральні. Адзіная лямпачка: цьмяная, жоўтая, бы падгніўшая цыбуліна. Больш нічога не разгледзеў, толькі адзначыў пра сябе: “Пакойчык тэст прайшоў, антуражык добры”.

“Таварыш з НКВД” даволі моцна штурхануў у плечы (а гэта ўжо непрыемна), Максім праляцеў у камеру і ледзьве не ўпаў на нары, але сказаць нічога не паспеў ― дзверы зачыніліся.

І як толькі крыху прызвычаліся вочы, пачаў шукаць у камеры падказкі ― яму ж трэба выбірацца. Ці рабіць падкоп? Ці што? На падлозе, пад матрасам, пад ложкам былі раскладзеныя нейкія рэчы. Максім вырашыў адшукаць іх усе, а пасля будзе пасля.

І некалькі раз спіною адчуваў: за ім назіраюць у вочка.

28 кастрычніка, пэўна, 6 раніцы.

Добрыя навіны: ён зразумеў тэматыку квэста. Дрэнныя навіны: не зразумеў, што рабіць зараз. Ні ключа, ні падказкі, што рабіць далей па сцэнары.

Пагрукаў у дзверы:

― Гэй, я ўсё зразумеў! Што далей?

Ніхто не адказаў. Пэўна, так трэба: чаканне павінна было быць такой жа дэкарацыяй, як падрапаная брудная сцяна.

Матрасік таненькі, коўдра калючая ― але ён усю ноч не спаў, таму вырашыў хоць крыху падрамаць.

28 кастрычніка,  дзесьці 7 гадзін раніцы.

Паспаць не атрымалася: толькі заплюшчваў вочы, нехта пачынаў грукатаць за дзвярыма чымсьці жалезным.

Максім мармытаў: “Гэта ўжо не квэст, а нейкія здзекі” і спрабаваў накрыць галаву падушкай, але справы гэта не паляпшала.

28 кастрычніка,  9:02

― Так, ужо 9 гадзін раніцы і 2 хвіліны. А ты, значыць, ужо прайшоў квэст?

Марк крыху накланіў галаву і дэманстрацыйна паапладыраваў.

― Ну, я разгадаў час і ўмовы, а больш, здаецца, нічога ў гэтай камеры і не зробіш.

― Ну, паслухаем, як і да якой высновы ты прыйшоў, ― Марк прысеў на ложак, а “два таварышы” (трэба будзе адзначыць, што гэта ўжо занадта ― паўсюль вадзіць іх за сабой: кліентаў гэта можа палохаць) засталіся у дзвярах.

― 1937 год, як ты казаў, масавы хапун беларускай інтэлігенцыі, але ў маім выпадку справа тут, здаецца, тычыцца пісьменнікаў. Ты раскідаў па пакоі амаль адразу зразумелыя рэчы: сухую кветку, пачак з-пад зубнога парашку з зацемкамі і сцізорык. Па-першае, гэта “Кветка пажоўклая”, аўтар Міхаіл Зарэцкі, рэпрэсаваны. Па-другое – як мы бачым, на пачку з зубнога парашку ў нас лісты дадому А. Бабарэкі,  вось яго імя і яго словы:«И духом и телом я остался непарушны и чисты, как и был им всегда…» Прыгавор – ссылка. А ножык – я толькі ўзгадаў Купалу, які спрабаваў скончыць жыццё самагубставам, але гэта хіб: ён спрабаваў разрэзаць сабе жывот у 30-м, калі яго абвінавацілі ў тым, што ён узначаліў сфабрыкаваны “Саюз вызвалення Беларусі” ― на такую “адказную” пасаду можна было назначыць толькі яго і Коласа. Тады ад класікаў адчапіліся. Больш нічога тут не было рабіць. Хіб я знайшоў, справа скончаная. А сядзець тут было нудотна.

― Часам ножык гэта толькі ножык, Максім. Яго тут не павінна было быць: пэўна, згубілі працоўныя, калі драпалі сцены. Дзякуй, што знайшоў, і дарэчы пра сцены – тут відавочна мая недапрацоўка.

Зараз ужо развіднела, і ты павінен быў пабачыць на сцяне верш ― галоўнае аздабленне камеры. Але святла недастаткова ― недахоп, выправім. Падыдзі да сцяны: я пасвячу ліхтаром.

Тое, што здавалася драпінамі, пры свеце ліхтара явілася літарамі:

Я не чакаў

І не гадаў,

Бо жыў з адкрытаю душою,

Што стрэне лютая бяда,

Падружыць з допытам,

З турмою.

Прадажных здрайцаў ліхвяры

Мяне заціснулі за краты.

Я прысягаю вам, сябры,

Мае палі,

Мае бары, —

Кажу вам — я не вінаваты!

― Ну, як табе? Здаецца, наіўна і пафасна? Не трэба намагацца ўзгадаць аўтарства ― гэта Міхась Чарот. Ён падтрымаў рэпрэсіі сваіх калег-пісьменнікаў: «Суровы прыгавор падпісваю першым». А пасля яго самога арыштавалі. І расстралялі ў тую самую ноч, што і іншых. Яго сябра, Хведаровіч, трапіў у тую камеру, дзе сядзеў Чарот. Знайшоў на сцяне гэты верш і вывучуў на памяць.

 ― То бок, я не памыліўся: рэпрэсіі, пісьменнікі, а пытанне з асвятлёнасцю камеры ты вырашыш. Зараз я бы ўжо пайшоў, выпіў кавы, а тое ад тэсціравання гэтых нар усё цела ные. А водгук і парады ўжо пасля.

― Куды ты, Максім? Чаму ты вырашыў, што квэст скончаны? Пачакай, самае цікавае яшчэ наперадзе, абяцаю. Ну, сябра, няўжо ты думаў, што я б запрасіў цябе на такую бязглудзіцу? Мне вельмі, вельмі важны твае думкі і дапамога, ― Марк умольна глядзеў на яго.  ― Ну, дружа…

― Згода, пабуду яшчэ.

― Вось і файна. А першы ўзровень ты пераадолеў. Таму зараз табе прынясуць ежы.

Адзін з “таварышаў” прыйшоў з талеркай нічшымнай кашы і кавалкам шэрага хлеба. Маленькім кавалкам.

Максім з павагай ставіўся да дэталяў, таму згадзіўся, што нічога іншага прынесці было немагчыма.

Калі ён даеў, посуд забралі і пакінулі яго ў камеры аднаго, з вершам.

28 кастрычніка, недзе 10 гадзін.

Ніхто не прыходзіць.

28 кастрычніка, недзе 13 гадзін.

Ніхто не прыходзіць.

28 кастрычніка, недзе 15 гадзін.

Ніхто не прыходзіць.

28 кастрычніка, здаецца, вечар.

Максім не вытрымаў: хопіць, ужо нагуляліся ў чаканне. Ён пайшоў грукатаць у дзверы:

― Марк, усё, хопіць, занудны адстой твой квэст, сам з ім валандайся. Я сыходжу дамоў.

I тут нешта пстрыкнула ў паветры. З нябачных дынамікаў пачуўся механічны голас:

― Товарищи, выступает белорусский советский писатель, глава Временного рабоче-крестьянского правительства Советской Социалистической Республики Белоруссия, Тишка Гартный!

Дзверы адчыніліся ― у камеру забег лысы чалавек у акулярах і ўціхамірвальнай кашулі. Крыху пабегаў і схаваўся пад ложак.

Максіму стала няёмка:

― Мужчина, вы переигрываете.

Галава з акулярамі высунулася з-пад ложка:

― Згодны, я згодны з вамі. Я загуляўся. Мне сказалі, я хацеў забіць Сталіна. Божа мой, самаго таварыша Сталіна! Забіць! Чуеце! Чуеце? Гэта іх крокі. Толькі не допыт. Толькі не зноў. Я ж прызнаўся, я даў чэснае слова!

І імкліва выскачыў з-пад ложка і выбег з камеры ― дзверы зноў зачыніліся.

28 кастрычніка, праз хвіліну.

Бля, лепш бы ніхто не прыходзіў.

28 кастрычніка, позні вечар.

Наступным разам, калі адчыняцца дзверы і там будзе толькі актор, Максім вырашыў бегчы. Калі спатрабуецца, даць актору у морду. А лепей, даць у морду Марку ― за тое, што зачыніў яго тут, і не адказвае  на грукат у дзверы ― Максім амаль збіў кулакі. Ён змарнаваў на гэтае лайно ўсю суботу, спаць  тут немагчыма, бо нешта грукае заўсёды, толькі засне, а яшчэ і галодны пасля нішчымніцы.

І тут расчыніліся дзверы.

― Марк, мне гэтая гульня надакучыла.

Марк быў разам з двума таварышамі і трымаў у руках нейкія паперы.

 ― Вой, табе не падабаецца. Ну дзе ты яшчэ так прасякнешся іншай рэальнасцю: уяві, табе ж недзе трыццаць? І вось, шмат каму з гэтых пісьменнікаў было трыццаць. І некаторыя з іх таксама думалі, што трапілі сюды так, не назаўжды, што іх выпусцяць, і яны хутка пабягуць да сваіх каханых.

― Марк, гэта не смешна, я пайшоў.

Ён сапраўды паспрабаваў пайсці. Таварышы заступілі яму дарогу.

― А вось гэта ўжо цікава. Што далей? Зламаеш мне нос? Толькі я выйду ― трапіш пад суд. Я не той вахлак, не буду маўчаць.

― На жаль, я яшчэ не вынайшаў, як уключыць у квэст фізічны боль – здаецца, яго не хапае у гэтай рэальнасці. Ды гэта незаконна, але я казаў, што дэталі я дапрацоўваю.

Таму зараз у мяне ёсць толькі словы, каб на цябе уздейнічаць: твае словы. Ты падпісаў дамову. Ты таксама ніколі не чытаеш, калі ціснеш “Я згодны” у кампутарных праграмах?  Дык вось, згодна кантракту, ты зараз удзельнічаеш у эксперыменце. Калі ты адмаўляешся ад удзелу, то застаешся мне вінны грошы, бо зруйнаваў мой выдатны эксперымент.  На, пачытай.

Максім прагледзеў радкі і лічбы з нулямі.

―  Ты трызніш. Няма такога закону.

 ― Можам правесці эксперымент. У горшым выпадку, проста заплаціш мне грошы. Але лепей давай дагуляем да канца.

― Кажы, што я павінны зрабіць, якія заданні вырашыць, каб скончыць квэст.

― Ведаеш, я думаў пра заданні, але мне не падабалася ― тут твой лёс не  павінен залежаць ад твайго розуму. Гэта б сапсавала квэст: у нашай камеры іншыя правілы. Таму вось, перапішы паперу, пастаў свой подпіс і ты вольны.

Максім узяў аркуш:

“Я прызнаюся ў тым, што з’яўляюся ворагам беларускага народу. Усе мае справы мінулых гадоў былі напраўлены супраць яго шчасця і дабрабыту. Я ненавіджу Беларусь, не лічу сябе беларусам”.

― Што ў цябе з тварам, Максім? Гэта проста словы. Проста словы. Адмыслова нічога такога не пісаў, каб ты не падумаў, што перакіну на цябе нейкае сваё злачынства. Зараз ворагаў народу не судзяць. Проста словы. І табе за іх нічога не будзе – зараз не 37-мы.

― То бок ты хочаш, каб я вось зараз напісаў, што ненавіджу Беларусь?

― Так, вось такая мая крыху асучасненая інтэрпрэтацыя. Можаш нават не перапісваць – падпішы. Ты ж ведаеш, ніякіх наступстваў не будзе. Зараз можна так казаць.

Максім чытаў зноў і зноў: “Я ненавіджу Беларусь, не лічу сябе беларусам”.

 ― Проста словы, Максім. Падпісвай. І ідзі ўжо дамоў, хоць адзін выходны застанецца.

Калі  вы чытаеце ў электронным варыянце, нажміце СTRL і выберыце спасылку, каб перайсці далей:

Я падпішу                                 Я не падпішу

Калі  вы чытаеце на паперы, то пераходзьце да ўрыўку, які адпавядае выбару.  

 

 

 

 

 

 

Калі выбралі “Я падпішу”:

― Ну вось, падпісаў.

― Дзякуй. Гэта было проста, ці не так? І нават дзіўна, што калісьці гэтыя словы штосьці значылі.   Прабач, калі абразіў.Таварышы, праводзьце.

Марк забраў паперку, і саступіў дарогу Максіму ― перад ім расчынілі дзверы камеры.

 ― Хлопцы  аддадуць табе рэчы. І прабач, калі абразіў.

Максім хуценька рассоваў усё па кішэнях і пабег – калідор, калідор, калідор лесвіца – дзверы і чарната. І зноў ― паветра на поўныя грудзі. І той жа пах начнога паветра  ― а нічога і не змянілася.

Канец апавядання.

Калі выбралі “Я не падпішу” – працяг апавядання:

― Не падпішу.

― Ну, тады ты ведаеш закон жанру. Давядзецца яшчэ пачакаць.

І дзеры камеры зачыніліся.

29 кастрычніка. Раніца.

Зноў прынеслі нішчымную кашу з хлебам. Максім пакуль еў, думаў, колькі б сапраўды ён вытрымаў ў адзіночцы і на такім харчаванні.

29 кастрычніка. Раніца.

Яшчэ нават не даеў, а з дынамікаў, якія былі прыхаваныя недзе ў столі, нейкі мужчына пачаў распеўна, з інтанацыяй, чытаць верш:

“Пасеклі Край наш папалам,

Каб панскай вытаргаваць ласкі.

Вось гэта ― вам, а гэта ― нам,

Няма сумлення ў душах рабскіх.

І цягнем мы на новы строй

Старую песню і чужую:

Цыгане шумнаю талпой

Па Бесарабіі качуюць…

За ўсходнім дэспатам-царком

Мы бегаем на задніх лапах,

Нью-Ёрку грозім кулаком

І Чэмберлена лаем трапна.

Засыплем шапкамі яго,

Ура, ура ― патопім ў соплях.

А нас тым часам з году ў год

Тут прадаюць ўраздроб і оптам”.

Раптам  нібы нешта абарвалася і зноў стары знаёмы механічны голас абвясціў:

“Александр Дайлидович (псевдоним – Алесь Дудар) 28 октября 1937 года приговорён к смертной казни как «руководитель антисоветской объединённой шпионско-террористической национал-фашистской организации. Вы прослушали стихотворение его авторства из материалов дела».

29 кастрычніка. Абед.

Прынеслі абед: суп (здаецца, гэта называецца супам) і тую ж самую кашу.

― Перадайце Марку, што мне заўтра на працу. Няхай ці паскорыцца, ці нешта прыдумае.

“Турэмшчык” нічога не адказаў, толькі кінуў на падлогу некалькі паперак і выйшаў.

І зноў уключыўся металічны голас:

“Товарищ, будьте готовы назвать себя: имя, фамилия, род занятий и вашу вину перед советским народом».

Ну, вось і прыйшоў час шукаць адказ на пытанне “Хто я”, падумаў Максім і падняў паперы.

29 кастрычніка. Адразу пасля.

На  жаль, гэтыя рэчы яму нічога не казалі. Дзіцячыя малюнкі на старой паперы: тое самае малявалі дзеці і амаль стагоддзе таму ― хатка, маленькая маці, вялікі тата, хлопчык і дзяўчынка. Унізе, здаецца подпіс – “Ёня”.

Яшчэ – некалькі чарцяжоў. Яшчэ – нейкае засохлае лісце, якое адразу рассыпалася ў пальцах. Шмат спісаных старонак: аловак, але нават і слова не разабраць, толькі быццам бы адмыслова пакінулі адзін чытальны ўрывак: ««Краіна родная мая…» — мармытаў-пяяў ён ціхенька і думаў-думаў, што будзе праз дзвесце, трыста, чатырыста гадоў тут, наўкола?” На рукапісе стаяла пячатка “Забаронена”.

Урывак таксама не дапамог.

 Тузанулася ручка, адчыніліся дзверы, з’явіўся Марк.

― Ну што, усвядоміў, хто ты ёсць і ў чым твая контрэвалюцыйная дзейнасць?

― А калі не назаву, то што?

― Расчаруеш.

― Я амаль ведаю. Трапіў сюды ні за што, ні пра што: прыйшла разнарадка, што трэба здаць 100 ворагаў народу ― вось мяне і ўключылі ў спіс, бо было толькі 99.

― Ну гэтая гісторыя амаль пра кожнага з тых часоў. Ці зверху прыйшоў загад, ці ― збоку данос:

Ценi блудзяць па твары,

Сэрца точыць нуда.

Сёння лепшы таварыш

Можа цябе прадаць…

Той жа Дудар, з творчасцю якога цябе сёння ўжо пазнаёмілі. Гісторыю мне не расказвай, ты лепей скажы, як цябе завуць.

― Максім, ― пажартаваў ён.

І адразу стрэльнула здагадка (іншых рэпрэсаваных Максімаў, акрамя Лужаніна, ён усё роўна не помніў, а Лужанін забіты не быў).

― Максім Гарэцкі.

― Ну, дзякуй мне за падказку ― ты ўзгадаў! Я лічу, што трэба для ўдзельнікаў квэсту падбіраць якога-небудзь такога, роднага героя, каб было падабенства. А тут ты Максім, і ён Максім. А гэта ― малюнкі тваіх дзяцей, хлопчык падпісаўся “Лёня”.

Вось чарцяжы ― ты працаваў чарцёжнікам у высылцы: пасаду пісьменніка ў цябе адабралі. Бо ты крыва адлюстроўваў рэальнасць ў літарах ­― на, зараз размаўляй мовай прамых ліній.  Ну лісце з дэндрарыя, дзе любіў гуляць,  ― гэта так, для атмасферы, гэта толькі заўзятар заўважыць.

 І канешне, рукапіс з не вельмі вядомай цытатай. Глядзі, гэта тое, за што цябе забілі.  І так, ты таксама забіты: цябе расстраляюць у высылцы. А жонка будзе яшчэ год лічыць, што ты жывы. А пасля ёй скажуць, што ў цябе было кровазліццё ў мозг. І канешне, праз 20 год цябе пасмяротна рэабілітуюць.

― Як я разумею, гэта канец. І хаця б зараз я магу ісці.

― Пачакай. Я ж казаў, што тут усё будзе залежаць не ад таго, як добра ты рашаеш задачкі. Задачкі ― так, аздоба, дэкарацыі. Тут у нас галоўны дзейны герой ― Гарэцкі, а ў яго  ёсць ― гераіня. Жонка. Паехала за ім у высылку. А гэтак паступалі не ўсе, далёка не ўсе. Дык вось, таму я вырашыў пад канец падрыхтаваць нешта такое, любоўнае. Крыху паўтаруся, але на  ― перапішы. Зараз адным подпісам не адкараскаешся. І так, я ўзяў на сябе смеласць адразу дадаць ва ўзор імя тваёй каханай.

“Насця, прылюдна, перад усімі, я выракаюся цябе.

Я ніколі цябе не кахаў.  Усе мае словы ― хлусня, а іншага ты не варта.

 Ты ― бруд. Ты ­― чорнае. Ты ― дрэнь. Не хачу больш мець з табою нічога супольнага. Але і ніколі і не меў.

Зыходзь з майго жыцця. Назаўсёды.

Максім”.

Марк сачыў за яго тварам:

― Мне здаецца, тэма вымушанага адрачэння была папулярнай у тыя годы. Таму давай, пагуляем словамі і на гэтым полі.

 ― Ты псіх. У мяне рука не падымецца, каб гэта перапісаць.

― Макс, толькі не кажы, што ты ўспрымаеш гэта сур’ёзна! Гэта ж гульня!

Максім устаў, каб выйсці з камеры.

“Два таварышы” засланілі дзверы.

Марк перастаў усміхацца:

― Так, катаванне мы не можам уключыць у квэст, але табе будзе цікава даведацца, што мае хлопцы ўмеюць біць, нават збіваць, так, каб пашкоджанні былі, а слядоў ― не было. Таму не раю табе намагацца выйсці і парушыць правілы.

― А што, калі не падпішу?

― Напрыклад, буду трымаць тут. А табе ж заўтра на працу. А ты ж не давядзеш нікому пасля, дзе бадзяўся.

― Доўга ўсё роўна не пратрымаеш. Мяне пачнуць шукаць. Лухта якая, не магу паверыць, што сказаў гэтую фразу.

― Ну а як табе гэты варыянт: калі ты не перапішаш усё ўласнай рукой зараз, то я гэты тэксцік запошчу з твайго акаунту ў сацсеткі. Са ўсіх акаўнтаў ― у мяне ж твой смартфон. Незапаролены.

― Ты псіх? Гэта ж ужо не гульня, не гульня твая дзебільная! Гэта ж ужо рэальнасць, мая рэальнасць!

― А гэта словы, усяго толькі словы. Глядзі, зараз ты іх напішаш. А я адразу ― спалю тваю паперку. Вось тут, адразу, на месце. І ведаць будзем толькі ты і я.

А так, ты, канешне, станеш у позу, але ведаць будуць усе ― усе твае сябры, усе яе сябры. А можа, я зраблю скрын яшчэ вашай інтымнай перапіскі і дадам некалькі сваіх каментароў ― ад твайго імя, канешне.

― Дрэнь.

― Магу і такі каментар дадаць.  Лепей згаджайся. Лічы, што я псіх, вымагаю невядома чаго. А напішаш гэтыя словы ― і ніякіх наступстваў. А ў 37-мым наступствы за словы былі б.

Марк дастаў запальніцу:

― На, трымай. Спаліш сваю цыдулку сам, калі мне не верыш. Толькі спачатку ― перапішы адрачэнне. Ніхто не даведаецца ― толькі ты і я, а мы нікому не раскажам ― слова гонару!

Калі  вы чытаеце ў электронным варыянце, нажміце СTRL і выберыце спасылку, каб перайсці далей:

Перапісаць  паперку                  Не перапісваць

 

Калі  вы чытаеце на паперы, то пераходзьце да ўрыўку, які адпавядае выбару.

 

 

 

Калі выбралі “Перапісаць  паперку”:                 

 

Максім пісаў, намагаючыся не думаць пра значэнне слоў:

“Насця, прылюдна, перад усімі, я выракаюся цябе.

Я ніколі цябе не кахаў.  Усе мае словы ― хлусня, а іншага ты не варта.

 Ты ― бруд. Ты ­― чорнае. Ты ― дрэнь. Не хачу больш мець з табою нічога супольнага. Але і ніколі і не меў.

Зыходзь з майго жыцця. Назаўсёды.

Максім”.

 

― Пачакай-пачакай. Спачатку праверу. Так, дапісаў да канца. Палі.

Максім імгненна пстрыкнуў запальніцай ― і ўбачыў, як полымя хутка з’ядае яго словы, усе да апошняга. А людзі ж вераць у ачышчальную моц агню.

― Малайчына, ты выбраў лагічны варыянт. І ўвогуле годна трымаўся ― я зрабіў такія-сякія высновы. Прабач, калі што ― хлопцы, правадзіце, і аддайце яго рэчы.

Максім, не гледзячы ні на кога, моўчкі выйшаў з будынка. Праверыў соцсеткі ― нічога ад яго імя не запошчана. Перапіску маглі прачытаць, брыдка. Паабяцаў сабе, што запароліць тэлефон. Некалькі паведамленняў: “Ты дзе? І як ты там?” ад Насці. Як добра, што яму не трэба ад яе адракацца па-сапраўднаму і якая дурная была гульня. Таму хутчэй гульню ― забыць, а Насце адказаць на паведамленне:

“Насця, хачу, каб ты была ў маім жыцці. Заўсёды”.

Канец апавядання

 

 

Калі выбралі “Не перапісваць”  – працяг апавядання:

― Гэта канчаткова?

― Канчаткова. Я не буду перапісваць гэтыя словы ад уласнага імя. Я такім не гуляю. А ты ― рабі, што хочаш. Посці ўва ўсе сеткі ― нічога, я патлумачу. Яна зразумее.

Марк маўчаў. Было чутна, як дзесьці за сцяной дзынькае тэлефон Максіма ― прыйшло паведамленне.

― Ну, тады на гэтым усё. Ты вольны, ― раптам Марк парваў паперку.

― І што, ніякіх пастоў ад майго імя? Ты парушыш свае ж правілы?

― Чаму парушу? Шантаж не заўсёды павінен мець вынік. Я атрымаў ад цябе тое, што хацеў ― твае пачуцці. А працягваць і псаваць табе рэпутацыю мне нецікава. Усё, квэст скончаны. Дзякуй за тэст-драйв.

Максім адчуў сябе вельмі, вельмі стомленым. Але на аўтамаце запытаў:

― І што, не будзе трэцяга выпрабавання? Па законах жанру, павінна быць тры.

― Не, я не прыдумаў нічога такога. Канешне, зараз было б варта прымусіць цябе напісаць такое, за што б цябе маглі забіць. І каб ты адчуў, што цябе сапраўды могуць за твае словы, нешта такое нематэрыальнае, неіснуючае, абстрактнае, забіць. І пажадана, гэта павінен быць тэкст, які не выкрывае нейкае там палітычнае злачынстава, а нешта мастацкае. Пра каханне. Пра лепшы свет. Пра тваю веру. Пра тваю Насцю. І каб ты адчуў, што вось за гэта ― заб’юць.

Я калі чытаў пра іх, рэпрэсаваных пісьменнікаў, не разумеў, навошта яны пісалі. Мова не тое каб папулярная. Яшчэ  нацыяналістам назавуць. Не надрукаваць нічога. Навошта? Навошта гэтыя словы?

Яшчэ мяне зацікавіла, як іх катавалі. Не толькі фізічна ―  словамі. Адбіралі словы ―  забарон пісаць на ўсё жыццё. Знямей! Ніякіх вершаў! У думках ― хоць паэмы, на паперы ― ні-ні.

Ім прыпісвалі чужыя словы ― вось так, сваёй рукой, яны пісалі паклёп на сябе, на сябра, на каханую. Што адчувалі, калі пісалі? Што адчувалі, калі чыталі такое самае, напісанае іншымі? Куды, у якія словы, у якія рэальнасці яны хаваліся? Якія словы казалі самім сябе?

Усё, зараз была тая самая выкрывальная прамова злачынца. Толькі ты не супергерой, каб мяне забіваць. А я і не лічу сябе злачынцам.

― Навошта табе гэта?

―  Памяць продкаў. Найперш пра рэпрэсіі пісьменнікаў я дазнаўся ад дзеда, а той – ад свайго бацькі: ён быў вось такім, як яны, маўклівым таварышам з НКВД. Мне заўжды хацелася паўтарыць яго досвед, але працаваць у “органах” не хацелася. І дарэчы, ты трымаў у руках арыгінал рукапісу Гарэцкага.

― Працягваеш справу прадзеда-ката? Ухвальна!

― Здаецца мне, Максім, наадварот, руйную. Вяртаю ў гульню забытых пісьменнікаў ― не думаю, што прашчур мой за гэта мне б падзякаваў. А тыя ― яны ж вельмі хацелі, каб іх словы да нас, да цябе дайшлі. Дажылі. Але здаецца мне, нічога ў іх не атрымалася.

Вось, вазьмі на развітанне, ― Марк працягнуў кнігу. ― Сцэнарый квэсту я дапрацую, а фінал ужо прыдумаў: і вось і ён ― буду раздаваць белліт! Пасля таго, што вы разам перажылі, мо табе будзе цікава даведацца, за што яго забілі.

Максім зірнуў ― Максім Гарэцкі.

Калі  вы чытаеце ў электронным варыянце, нажміце СTRL і выберыце спасылку, каб перайсці далей:

Прачытаць Гарэцкага  Не чытаць

Пакінуць каментар